Затрыманых флэшмобераў сустракаюць ля гомельскага ІЧУ

Затрыманых флэшмобераў сустракаюць ля гомельскага ІЧУ

З гомельскага ізалятара часовага ўтрымання пачалі выходзіць затрыманыя флэшмоберы. Маладзёнаў сустракаюць неабякавыя гамельчукі. Штодзень для затрыманых падчас маўклівых акцыяў пратэсту валанцёры прыносяць неабходныя рэчы, газеты ды ваду.

Як распавёў адпушчаны пасля пяці сутак адміністратыўнага арышту Андрэй Цянюта (фота), толькі ў апошні дзень знаходжання пад вартай ён атрымаў чатыры “перадачкі”:
— У асноўным гэта былі цыгарэты, папера, асадкі. Сокі забаранілі перадаваць. Аднак самым галоўным для мяне было адчуванне людской падтрымкі, што людзі ведаюць пра мае “суткі” і неабыякава да гэтага ставяцца.

Дзве дзяўчыны чакаі каля ізалятара часовага ўтрымання. На пытанне, чаму яны прыйшлі сюды, адказалі наступнае:

— Першапачаткова прыйшлі, каб перадаць рэчы нашаму сябру Руслану Усціменку. Прынеслі яму ўсё неабходнае. Таксама ведалі, што літаральна праз паўгадзіны выходзіць Андрусь Цянюта. Засталіся. Мяркуем, усё ж такі яму будзе прыемна, што яго сустракаюць.

Каардынатара “Маладога Фронта” па Гомелю Андруся Цянюту затрымалі 1 ліпеня пры выхадзе з дома. На актывіста накінуліся два міліцыянты, якія даставілі яго ў РАУС Чыгуначнага раёну. У РАУСе на Цянюту склалі пратакол аб парушэнні артыкула 23.34 Адміністратыўнага кодэксу – парадак арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства. Паводле міліцыянтаў, актывіст быццам бы ў Інтэрнэце заклікаў гараджан прыйсці 3 ліпеня да ДК “Віпра” на мітынг супраць збяднення насельніцтва. Як зазначыў сам маладафронтавец, падчас судовага разгляду суправы не было аніякага доказу ягонай віны:
— Была прадастаўленая толькі нейкая раздрукоўка з Інтэрнэта. З такім жа поспехам мяне маглі абвінаваць у забойствау Кенэдзі. Асноўным доказам маёй віны для суддзі Чыгуначнага раёну Парэмскага стала тое, што калісьці я ўжо быў асуджаны па гэтым жа артыкуле 23.34”.

У сацыяльнай сетцы “УКантакце” працягваецца акцыя салідарнасці з затрыманымі. Інтэрнэт-карыстальнікі шукаюць валанцёраў для прысутнасці на судах над гомельскімі флэшмоберамі.

http://new.racyja.com

Падзяліцца:

Каментары