Затрымлівалі сацыёлага Манаева, які выявіў падзенне рэйтынгу Лукашэнкі да 20%

Затрымлівалі сацыёлага Манаева, які выявіў падзенне рэйтынгу Лукашэнкі да 20%

Заснавальнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, доктар сацыялёгіі Алег Манаеў больш за тры гадзіны правёў у пастарунку. Ён быў затрыманы ў Менску незадоўга да ўдзелу ў прэзэнтацыі апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў, якія сьведчаць пра небывалае падзеньне рэйтынгу кіраўніка дзяржавы.

Падобнымі дзеяньнямі рэжым Лукашэнкі выяўляе страх перад праўдаю, перад рэальнымі статыстычнымі лічбамі. Затрыманьне Манаева сьведчыць пра высокую адзнаку працы прафесара Манаева й яго каманды ня толькі з боку грамадзтва.

У заяве для прэсы Алег Манаеў распавёў, што 6 кастрычніка яго затрымалі без тлумачэньня прычынаў, адвезьлі ў Партызанскі райаддзел міліцыі, праверылі рэчы, паспрабавалі зьняць адбіткі пальцаў – ад чаго ён адмовіўся. Роўна за 5 хвілін да заканчэньня трохгадзіннага тэрміну сказалі, што «затрымалі для праверкі дакумэнтаў” і адпусьцілі. «Аднак адзін з тых, хто ўдзельнічаў у гэтай «апэрацыі», на пытаньне, чаму затрымалі менавіта мяне, адказаў, што «загад быў менавіта на вас», — кажа Алег Манаеў.

“Усе гэтыя дзеяньні гавораць аб адным — на самай справе мяне затрымалі для таго, каб сарваць заплянаваны брыфінг. Чаму менавіта цяпер? Несумненна, справа ў тым, што ў гэтым годзе беларускі аўтарытарызм сутыкнуўся самым сур’ёзным выклікам за ўсю сваю гісторыю. Пасьля травеньскай дэвальвацыі беларускага рубля ў краіне адбыўся наймацнейшы сацыяльна-эканамічны крызіс, інфляцыя дасягнула 60 адсоткаў, паставіўшы сусьветны бягучы рэкорд, а прыбыткі насельніцтва ўпалі больш чым удвая… Пагроза сацыяльнага выбуху становіцца ўсё больш рэальнай. У «надыходзячых прыцемках» улады пачынаюць «баяцца ўласнага ценю».

Прафэсар Алег Манаеў у інтэрвію Свабодзе патлумачыў, чаго хацелі дамагчыся ўлады ягоным затрыманьнем.

Адна з мэтаў, думаю — аказаць нейкае ўзьдзеяньне на мяне і маіх калегаў, падкрэсьліўшы, што ты, маўляў, на віду, і мы зможам прыбраць цябе к рукам — карацей, запалохаць. Бо лічбы лічбамі, але нехта ж іх камэнтуе, нейкія высновы робіць.

Што да таго, чаму менавіта сёньня — я думаю, што калі раней гэта былі спробы ўнутры краіны заблякаваць  альбо, прынамсі, абмежаваць інфармацыю пра рэальны стан грамадзтва, то цяпер гэта — няўклюдная спроба неяк прадухіліць больш шырокае інфармаваньне замежных урадаў, якія прадстаўляюць тутэйшыя дыпмісіі, і празь іх – міжнародную грамадзкасьць. Тут жа важныя і камэнтары: якімі фактарамі такія лічбы абумоўленыя, якія могуць быць далейшыя сцэнары разьвіцьця падзеяў, што на гэта можа паўплываць, што можна прадпрыняць. І таму лішняя крыніца інфармацыйнае напружанасьці — непрыемная. Таму, думаю, перасьледаваліся гэтыя дзьве мэты.

Вы сказалі, што могуць быць небясьпечнымі ня толькі лічбы, але і іх тлумачэньне. Што з гэтых лічбаў самае небясьпечнае і што з вашай інтэрпрэтацыі самае непрыемнае для ўлады?

Нагадаю лічбы: амаль 88% апытаных адказалі: “Так, беларуская эканоміка ў крызысе”. На пытаньне: “Хто вінаваты?” — больш як 61% адказалі: “Прэзыдэнт”. Такога раней не было. І, вядома, самы большы абвал — гэта 24,5 % рэйтынг з 53%, які яшчэ быў у канцы сьнежня, пасьля выбараў. Гэта абвал з усіх бакоў, і, вядома, улады спрабуюць неяк гэта зьмікшаваць.

А што да інтэрпрэтацыі, то гэта справа складаная, і для гэтага мы і зьбіраемся раз на квартал ужо 15-ы год, наша каманда — раней НІСЭПД, цяпер група незалежных экспэртаў — з амбасадарамі. Абмеркаваньне доўжыцца гадзіны дзьве, зьбіраецца 20-25 дыпляматаў, якія прадстаўляюць самыя розныя краіны — ад Японіі, Расеі да ЭЗ, ЗША, і ідуць дыскусіі. Выклікі, зь якімі сутыкнулася ўлада — самыя значныя за 17 гадоў. І на тле іншых працэсаў — Народны сход,  абвешчаны на пасьлязаўтра, аб’яднаўчыя тэндэнцыі сярод беларускай апазыцыі, заварушылася і Расея — узьнікае такая нэрвовая ўзбуджанасьць.

Наколькі гэтыя лічбы сувымерныя з тым, што было за гэтыя 17 гадоў? Ці было за гэтыя часы нешта падобнае?

Ну, прыблізныя лічбы былі, хаця так яшчэ ня падалі. Калі казаць пра рэйтынгі, то рэйтынг 26 зь нечым быў у сакавіку 2003 году. Сытуацыя ў эканоміцы была крыху падобнай: гэтак жа накачалі рэсурсы перад выбарамі ў верасьні 2001 году, за 2002 яны растаялі, і к 2003 сыстэма засталася “на бабах”. Потым падвярнуўся нафтагазавы афшор з Расеяй, і дзіркі заторкнулі, забылі пра непрыемнасьці. Падобная была сытуацыя ў канцы 1998 — гэта было рэха дэфолту ў Расеі, так што падобныя правалы былі, але не да такога ўзроўню, як цяпер. Цяпер — самы глыбокі за ўсю гісторыю кіраваньня Лукашэнкі.

Наколькі ў цяперашніх умовах цяжка праводзіць незалежныя дасьледаваньні грамадзкай думкі ў Беларусі, і наколькі магчыма давяраць любым лічбам?

Той мэханізм, які быў намі заведзены ў 1992 годзе, і потым дасканаліўся, ён цалкам адпавядае ва ўсіх сваіх элемэнтах — і збор, інфармацыі, і яе ўвод, і аналіз, і інтэрпрэтацыя — усім прафэсійным стандартам, па якіх праводзяцца досьледы ў любой заходняй краіне. Менавіта таму аўтарытэт інстытуту, яго публікацый і на Захадзе, і тут дастаткова высокі.

Што да страху, то я хачу пакрэсьліць: нават калі быў вельмі высокі ўзровень страху, запалоханасьці (а былі часы і горшыя: 1999 год, зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў), нават у тыя часы — калі выконваюцца стандарты, то з дапамогай тэхналёгіяў пэўны працэнт страху зьніжаецца да прымальнага: каб быў не вышэй за 3-працэнтную памылку выбаркі. Гэта значыць, што лічбам варта давяраць, а калі ўзяць апошні год, то тут ужо які б страх ня быў, народ пачынае ўжо заўважаць іншыя варыянты жыцьця, і ў такой атмасфэры страх не павялічваецца, а памяншаецца, людзі рады: “Вось мяне, нарэшце, запыталіся — я душу адвяду, можа, нехта нешта і  пачуе”.

Паводле http://www.svaboda.org/

Падзяліцца:

Каментары