ЗЬМІЦЕР ДАШКЕВІЧ: "БЕЛАРУСЫ ПЕРААДОЛЕЛІ СТРАХ"
|
12 сакавіка прайшло шэраг сустрэчаў адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча зь выбарцамі. Найбуйнейшаю была сустрэча "адзінага" зь менчукамі каля Лядовага палацу, на якую прыйшло ад двух да трох тысячаў прыхільнікаў дэмакратычнага руху.
Сустаршыня Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч лічыць, што дадзеныя мерапрыемствы ёсьць пачаткам беларускай аксамітнай рэвалюцыі.
Зьміцер Дашкевіч: "Тыя шматтысячныя сустрэчы, якія праводзіць Аляксандар Мілінкевіч зь выбарцамі, вельмі яскрава сьведчаць - беларусы пазбаўляюцца страху, яны бачаць альтэрнатыву і с кожным днём усё больш і больш вераць у яе.
Бо "грамадзкі страх", гэта самая вялікая праблема, зь якою сутыкаліся лідэры і актывісты дэмакратычных сілаў. Нават пры наяўнасьці ў Мілінкевіча 40% падтрымкі па Менску на пачатак агітацыйнай кампаніі, вельмі цяжка было знайсьці чалавека, каторы б сказаў - "19 мы пераможам!".
Але сытуацыя мяняецца і пераломным момантам, пачаткам беларускай аксамітнай рэвалюцыі, я лічу, сталася першая буйная сустрэча "адзінага" з выбарцамі 2 сакавіка. Людзі прыйшоўшы на гэтае мерапрыемства, (каторых Лукашэнка пабаяўся разагнаць, бо перад тым ужо нарабіў сусьветнага вэрхалу даўшы загад зьбіць Казуліна), пераканаліся, што можна выходзіць на галоўныя плошчы, патрабаваць "Свабоды!", "Новага!" і "Пераменаў!", і за гэта ня будзе ніякіх рэпрэсыяў і перасьледаў. Людзі зразумелі, што баімся ня мы, прыхільнікі пераменаў, баіцца - "ён", самаабраны псэўда-прэзыдэнт. І гэты вялізарнейшы зарад энэргіі і веры, які прыхільнікі Мілінкевіча атрымалі на пляцы Волі, дапамог ім пераадолець страх.
А ўсім, хто яшчэ баіцца, я хацеў бы нагадаць словы зь Пісаньня: "Даў нам Гасподзь ня духа страху, але сілы й любові і мудрасьці." (2 Цім. 1:7) Тaму - адрынем страх, каб любіць Беларусь, каб стаць моцнымі і мудрымі. Бо мы пераможам толькі тады, калі кожны з нас пазбавіцца боязі канчаткова."
[13 сакавіка 2006]
Прэс-служба Маладога фронту
|