Жанчыны патрабуюць ад кіраўніка дэпартамента спыніць пераслед Зміцера Дашкевіча

Жанчыны патрабуюць ад кіраўніка дэпартамента спыніць пераслед Зміцера Дашкевіча
Ганна Шапуцька, Таццяна Кім і Наталля Ясевіч (хросная Зміцера Дашкевіча) наведалі кіраўніка Дэпартамента выканання пакаранняў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Барсукова.

Жанчыны прасілі прыняць адпаведныя захады, каб спыніць ціск на палітвязня Зміцера Дашкевіча. Лідара “Маладога фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі) трэці раз запар змясцілі ў штрафны ізалятар у Горацкай папраўчай калоніі. Кіраўнік дэпартамента запэўніваў жанчын, што Зміцер Дашкевіч утрымліваецца ў нармальных умовах і яго здароўю нічога не пагражае. Барсукоў паабяцаў жанчынам, што паспрыяе, каб пашпарт палітвязня перадалі ў калонію.

Нявеста Змітра Наста Палажанка, якая адбывае адміністрацыйны  арышт разам з дзесяткам паплечнікаў за пікет каля турэмнай брамы, раней уздымала гэтае пытанне. Без пашпарта Зміцер і Наста не могуць аформіць шлюб. Жанчыны распавялі Барсукову аб тым, што да Змітра Дашкевіча кіраўніцтва Горацкай папраўчай калоніі не пусціла адваката. Яны запытвалі навошта адміністрацыя калоніі стварае вакол палітвязня інфармацыйны вакуум. Аляксандр Барсукоў прыняў пісьмовую заяву і запэўніў, што высветліць абставіны гэтай сітуацыі.

Нагадаем: Зміцер Дашкевіч адбывае зняволенне ў горацкай папраўчай калоніі. Яго і Эдуарда Лобава затрымалі напярэдадні правядзення акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прызідэнцкіх выбараў і абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Міжнародная супольнасць сачыла за судовым працэсам і прызнала лідара “Маладога фронту” палітычным вязнем.

У Змітра Дашкевіча  на волі застаецца 71-гадовы бацька, інвалід  І групы. Маці Змітра Вольга Дашкевіч памерла, калі ён чакаў адпраўкі ў  калонію ў следчым ізалятары.

http://www.nv-online.info

Падзяліцца:

Каментары