Зміцер Дашкевіч: “Проста Саня”. Турэмныя рэаліі перад этапам з Жодзіна

Зміцер Дашкевіч: “Проста Саня”. Турэмныя рэаліі перад этапам з Жодзіна

Турэмныя рэаліі ў артыкуле Змітра Дашкевіча, які быў напісаны яшчэ ў Жодзіна. Цяпер, у кульмінацыйны час палітычных прысудаў, аповед надывае асаблівую актуальнасць.

Перад этапам з Жодзінскае турмы, з камеры выводзяць а 2-ой ночы. Дзеля чаго гэта робіцца ніхто не скажа, бо канвой забірае цябе і вязе ў патрэбным накірунку толькі па абедзе. Да гэтага ж часу зэкі сядзяць у адстойніках1– камерах з невялічкім вакенцам, закрытым ад сонца і паветра рэснічкамі2; з 0,5 кв.м. на зэка. Калі ў такім памяшканні проста курыць чалавек 20, ты яшчэ можаш бачыць некаторыя твары, хаця б тых, хто побач; калі ж на факелах3 падымаюць4 у зэчцы5чыфір6, ты бачыш ужо толькі контуры. Дзякуй Богу, што запасы тытуню і гарбаты ў зэка вельмі абмежаваны, таму дымавая заслона праз нейкі час разыходзіцца па прадолах7 турмы і ў адстойніку пачынаюцца дыскусіі. 

— Да ты што, такія перапоўненыя хаты8, — даліваючы чыфірок пачынае размову сталы арыштант, — не турма, а перавалачная база.

— Ты зараз на Валадарку прыедзеш і зразумееш, што такое перавалачная база, — тут жа падхоплівае тэму другі, з паголенаю да бляска галавою. – Вас колькі тут сядзела ў хаце?

— Спачатку 10 на 10 шконак9, а потым 16.

— Ну і што, гэта шмат?

— А тое не, у паўтары разы перабор!

— На Валадарцы перабор у два! – працягвае адстойваць сваё Брытагаловы.

— Перагружаныя — та мо і ў два, але ж і святло там на ноч не вырубаюць! І разеткі працуюць таксама! – абураецца Сталы. – А тут што?! Людзі сядзяць як палонныя – ноч без святла! Ні ў нарды не перакінуцца10, ні пачытаць чаго нельга, ні гарбаты нават заварыць якой! Не, ну проста як быдла ў стайні – сядзі ноч і глядзі адзін на аднаго. У задрыпаных калгасах да свіней лепш адносяцца! А мы ж не свінні, а быццам бы яшчэ людзі.

— Да, — саркастычна згаджаецца чарговы ўдзельнік размовы, працягваючы доўгімі пальцамі цыгарэту, — мы не свінні. Мы горш – тых на мяса прададуць, а нас проста спішуць.

— Гэта ўсё з-за палітычных! Увесь першы корпус імі забілі! – агрэсіўна далучаецца да гутаркі яшчэ адзін зэка, і тушачы акругленымі ад вазеліна рукамі акурак аб сцену, працягвае. – Вось нас і параскідвалі па іншым карпусах.

— Дык і што палітычныя? Ім жа таксама сядзець недзе трэба.

— Ну і правільна, — прыкрыкнуў таварыш з вазелінкамі11, — не завалілі казла, дык няхай і сядзяць! А тое папёрліся яны шкло тое малаціць.

— Да самі мусара і малацілі яго!

— Ясная справа правакатараў там хапала! – пацвердзіў голас з вугла. – Мне адвакат распавядаў. Ну ты сам падумай: нафіга кандыдатам у прэзідэнты тое шкло?

— Дык а што ім рабіць было, калі іх там толькі тры тысячы сабралося? – не здаецца апанентам зэк, рассякаючы паветра вазелінавымі кулакамі.

— Ты што, на прыколе – тры тысячы?! Якія тры тысячы, калі ўвесь праспект забіты быў?! У нас адзін “Белгазету” выпісваў, там былі фоткі і пісалі, што Мінск такога яшчэ не бачыў! – перайшоў на павышаныя таны і падняўся з вугла плотна складзены малады хлопец.

— Ну, Мінск можа і не бачыў, — як бы даючы заднюю суцішваецца Куласты, — а вынік, вынік – та які?

— Пытанне пра вынік павісла на некалькі секундаў у тытунёвым дыме, які павальна падымаўся да ззяючай над дзвярыма лампачкі. Тут можна было б уключыцца ў дайшоўшую да спрэчкі размову ды правесці агітацыйнае мерапрыемства сярод масаў, але, гэтым сваім тэрмінам я вучуся больш маўчаць. Карысная і цікавая гэта рэч, трэба прызнацца. У наш век, праўда, усё неяк больш баўбочуць. Хаця, як паказвае практыка, у адсотках 80 выпадкаў можна прамаўчаць і гэта ніяк не пагоршыць сітуацыю, часьцей нават яе палепшыць. Дзеля таго і сказана: “ Хто не грашыць у слове, той чалавек дасканалы” (Як. 3:2). Таму цяпер я, паклаўшы на калені куртку, і схіліўшы ў паўдрэме над ёю галаву, слухаў працяг хвалюючае для грамадства тэмы.

— А што вы хацелі? – гучыць яшчэ чыйсьці голас з шэрае масы і ўжо становіцца цяжка зразумець хто і што адстойвае ў гэтай палеміцы.

– Больш за 100 тысяч мусароў12, столькі ж войска! Тут яшчэ і 20 год нічога не памяняецца… Да Колькі.

— Не, мужыкі, гэты тэрмін у Сані апошні, далей ён ужо не дацягне. Вы ж глядзіце што там робіцца?! Чэмпіянат міра па хакею і той Еўропа адмяніла! – аголошвае ўсіх навіною Сталы. І папярэджваючы пытанні аб праўдзівасці гэтае навіны, дадае: — Сам чуў, па радыё.

— Ты што?! – радасна здзіўляецца нехта пачутаму. – Во весела будзе!

— Ну і правільна! Адразу трэба было ўсё заблакіраваць! Саню кандражка тут жа прыхапіла б!

— О, прыхапіла б адразу! – весела згаджаецца яшчэ адзін арыштант. – Ён жа тут з гэтымі палацамі лядовымі носіцца, як дурны з фанцікамі! Не перажыў бы такога! Точна не перажыў бы! – упэўнена дадае весяльчак і некалькі галасоў пачынаюць дружна гагатаць.

— Супакойцеся, ніхто і нічога тут не зробіць, а хто далёка пойдзе, скончыць як Захаранка з Ганчаром. – падкрэсліў нехта спакойным голасам сваю дасведчанасць у беларускіх рэаліях. – У нас на зоне кніга была: “ Эскадрон смерці”, яе былы кіраўнік Валадаркі выдаў. Там такое напісана, скажу я вам, пра тое як у нас адстрэльваюць…

— Ды брахня ўсё! – падкідвае яшчэ адзін гаваркі эмоцыяў у без таго наэлектрызаванае паветра.

— Каб брахня, тут Ігнатовіч бы не сядзеў на пажыццёвым. Ды і ў фільмах жа ўсё тое паказана. Як іх там?..

— “Хросны бацька”? – падказвае Сталы.

— Не, “Хросны” во зараз выйшаў, перад выбарамі.

— Ну, я першых два паспеў на волі глянуць. – далучаецца да размовы басісты голас з-пад вакна. – Там уся нашая ўлада паказана як арганізаваная злачынная група.

— Гэта ўжо даўно ясна. Вось там і паказваюць, як таварыш Лу ўсё пад ручонкі свае падграбае. Адзін, падаецца, “Незвычайны прэзідэнт” называецца. І калі хаця б палова з таго пацвердзіцца, Саша адразу на жодзіна паедзе, да ПЗэшнікаў13.

— Дык і што той Алкаеў? – вяртаецца размова да экс-кіраўніка СІЗА №1

— Грохнулі14 яго. Спецслужбы нашыя, у Германіі.

— Я, канешне, зычу спадару Алегу Алкаеву добрага здароўіца і доўгіх гадоў жыцця, але вось такая дэза, аб ягонай нейтралізацыі, ходзіць па многіх камерах беларускіх турмаў. Пераконвалі мяне ў гэтым на Кічы15, у Жодзінскай турме і на роднай Валадарцы.

— Нічога дзіўнага. Тут кожны, хто дарогу пераходзіць – ці ў зямлю, ці ў зону. Бывае нават свае ідуць у расход16, калі вылазяць ці перастаюць дзяліцца.

— Да не, які там расход? – чуецца ўжо знаёмы голас з вугла. – Вунё гэтая, як яе, якая банкамі кіравала… Жураўкова. (Крала мільярдамі). І што, пасадзілі?! Не тут-та было! А ў турмах кожны трэці ці за мабільнік у 20$ сядзіць, ці за бутэльку гарэлкі і паўкіло каўбасы.

— А што вы жадалі? – выказвае здзіўленне басісты голас. – Саня сваю за пару мільярдаў памілаваў. А мы, зэч’ё, будзем сядзець.

— І будзем, што ж тут зробіш, калі ў такой краіне жывём. – дыхаючы тытунёвы дым, прамовіў ягоны сусед. – Тут ужо кожны другі, хаця б на сутках, але сядзеўшы. Гэта як ранней: калі ты не служыў – не мужык; а цяпер: ты не мужык, калі не сядзеў. Што казаць, калі нават кандыдаты ў прэзідэнты, і тыя сядзяць!

— Мне адразу было зразумела гэта! Я яшчэ думаў: во смельчакі, куды ж яны пруцца – усіх пасадзяць жа! Ну і пасадзілі.

— Не, ну сядзяць не ўсе, некаторыя ж на волі!

— Мажліва нехта і на волі, хто на сваіх жа даносы панапісваў. Гэта як і ў нас: здаеш падзельніка17 і хадзі-гуляй! Сук18 жа паўсюль хапае. Хаця ў іх баш, нават і жонку Саннікава разам з ім пасадзілі. Значыцца, не здаюцца людзі.

Тут лязгнулі замкі дзвярэй і ўсе зэкі паўскоквалі са сваіх месцаў і сашчаліўшы рукі за спіною, паводле правілаў турмы № 8, павярнуліся тварам да сцяны і спіною да дзвярэй. Праз адчыненыя дзверы прадольны19, трымаючы ў руках стос картак асуджаных (дэ-юрэ можа і невіноўных, але дэ-факта ўжо асуджаных), пачаў называць прозвішчы. Адказваючы імя і імя па бацьку зэкі нацягвалі курткі і хапаючы свае кешара20, выходзілі на шмон21. Прагучала і маё прозвішча. Падцапіўшы кешарок я таксама пацягнуўся на адну з самых паскудных працэдураў пеніцыярнае сістэмы Беларусі.

Стоячы на прадоле, тварам да сцяны і чакаючы шмону, я думаў пра тое, на колькі пачала мяняцца псіхалогія паспалітага люду. Гадоў яшчэ 5 таму ў гэткіх жа камерах, для гэткіх жа людзей гарант быў найперш “Бацькам”. Цяпер жа ён “Саня”. Проста Саня – лідэр Арганізаванай злачыннай групоўкі, які рана ці позна, але зойме сваё законна напрацаванае месца ў камерах беларускіх Пзэшнікаў.

Зьміцер Дашкевіч

Турэмны слоўнік:

1. Адстойнік – камэры на першым паверсе турмы, у якіх зэкі альбо чакаюць пераводу ў жылыя турэмныя камэры, альбо этапу з турмы.
2. Рэснічкі – своеасаблівыя жалезныя жалюзі, прывараныя да вакна.
3. Факел – звычайна скручаная ў тканіну луста сала; мажліва проста скручаная трубкаю газэта ці такніна, якія падпальваюцца.
4. Падымаць – тут: кіпяціць.
5. Зэчка – алюмінёвы кубак.
6. Чыфір – моцная гарбата.
7. Прадол – калідор.
8. Хата – камера.
9. Шконка – нара, ложак.
10. Перакінуцца – тут: сыграць.
11. Вазелінкі – кулакі, закачаныя вазелінам.
12. Мусар – міліцыянер, ад: МУС.
13. Пзэшнік – асуджаны на ПЗ (пажыццёвае зняволенне).
14. Грохнуць – тут: забіваць.
15. Кіча – ад: ІЧУ ( Ізалятар часовага утрымання).
16. Расход – пускаць у/пад р. : забіваць.
17. Падзельнік – фігуранты адной крымінальнай справы.
18. Сука – чалавек, які пайшоў на супрацоўніцтва з ворганамі; той, хто здае сваіх.
19. Прадольны – ад: прадол; паставы, які дзяжурыць на калідоры.
20. Кешар – торба зэка.
21. Шмон – ператрус, вобыск, дагляд.

Падзяліцца:

Каментары