Зьміцер Дашкевіч трэці раз у ШЫЗА?

Зьміцер Дашкевіч трэці раз у ШЫЗА?

Дашкевіч выйшаў зь ізялятару, але па словах намесьніка начальніка Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў Зьміцер Дашкевіч ізноў падвергнуўся трэцяму адміністрацыйнаму спагнаньню за час знаходжаньня ў калёніі.

Як паведаміў сёньня Насьце Палажанцы намесьнік начальніка ДВП, спаганьне на Дашкевіча накладзена за адмову ад працы. Аднак гэта выклікае зьдзіўленьне, бо ў лістах да бацькі Зьміцер паведамляў, што зьбіраецца працаваць і удакладняў — праца будзе зьвязана з лесапераапрацоўчым матэрыялам.

25 ліпеня Зьміцер Дашкевіч яшчэ знаходзіўся ў ШЫЗА. У гэты дзень адвакатка Мар’яна Сямашка прарвалася да свайго падабароннага. Зьміцер меў 20 хвілін на сустрэчу з адвакаткаю.

Паплечнікі Зьмітра выказваюць небясьпеку, што трэцяе адміністрацыянае спагнаньне, верагодна, выяўляецца ў накіраваньні ў штрафны ізалятар (ШЫЗА), бо адміністрацыя калёніі і раней ужывала такую практыку ў дачыненьні Дашкевіча.

Зьміцер здолеў распавесьці, што трапляе ў штрафны ізалятар шляхам розных правакацыяў. У прыватнасьці, адміністрацыя забараніла зьняволеным размаўляць са Зьмітром, відаць каб ён сваімі “шкоднымі” думкамі не ўчыніў у турме рэвалюцыі. У мінулы раз Дашкевіч сеў у ШЫЗА за кантакт з чалавекам. Па афіцыйнай вэрсіі спагнаньне на Дашкевіча наклалі з фармулёўкаю “адмова пражываць у жыльлёвай зоне”. Сэнс фармулёўкі адміністрацыя калёніі не тлумачыць.

Агульныя ўмовы, у якіх знаходзіцца Дашкевіч, адпавядаюць умовам строгага рэжыму, хоць арыштант асуджаны на 2 гады агульнага рэжыму. Замест належных 2 гадзін прагулак везень мае толькі 30 хвілін. Дашкевіч ужо пазбаўлены харчовых перадачак на 3 месяцы і амаль пазбаўлены магчымасьці вольна карыстацца грашовымі сродкамі — палітвязьню дазволілі набываць ежу ўнутры калёніі толькі на суму 35 тыс. рублёў (1 базавая велічыня). Такім чынам, адміністрацыя калёніі адбірае ўсялякую магчымасьць атрымліваць нармальную ежу звонку, апроч турэмнай “баланды”.

Першы раз Дашкевіч патрапіў у ШЫЗА на 5 сутак, адразу пасьля прыезду ў калёнію. Судзячы па перапынкам у ліставаньні, гэта адбывалася ў інтэрвале між 27 чэрвеня й 3 ліпеня

Як паведаміла адміністрацыя калёніі, пасьля трэцяга знаходжаньня ў ШЫЗА Зьміцер будзе зьмешчаны у памяшканьне камэрнага тыпу — ПКТ.

Зьміцер прасіў даваць інфармацыю аб свавольстве калёніі ў СМІ: “Давайце. Мне тут горш ужо ня будзе“. Такія словы сьведчаць аб сапраўды цяжкіх умовах і моцным ціску з боку адміністрацыі на палітвязьня.

У мінулы раз 5 ліпеня адвакат Дашкевіча ня здолеў трапіць да падабароннага.

 

Нагадаем, вы можаце падтрымаць палітвязьня лістом:
Дашкевіч Зьміцер. 213410, Магілёўская вобл., г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, папраўчая калёнія №9.

[ Поўны сьпіс адрэсаў палітвязьняў ]

Падзяліцца:

Каментары