Зьміцер Дашкевіч: У нас адзін тэрарыст

Зьміцер Дашкевіч: У нас адзін тэрарыст

У 2008 годзе самаабвешчаныя кіраўнікі Беларусі назвалі гэта проста хуліганствам. У 2010 яны вымушаныя прамовіць слова “тэрарызм”.

Кожны чалавек будзе паводле сваіх ідэалагічных прыхільнасьцяў меркаваць, хто стаіць за выбухамі ў Беларусі. А для тых, каму цяжка вызначыцца, прапагандысты беларускага тэлебачаньня ўжо патлумачылі: “У краіне палітычнае супрацьстаяньне”. Канцэптуальна выказваньне правільнае. Шкада хіба, што ідэолагам беларускае стабільнасьці спатрэбілася дачакацца тэракту, каб прызнаць гэта. Я ж дазволю сабе падкарэктаваць іхняе раптоўнае прасьвятленьне: у Беларусі ня проста палітычнае супрацьстаяньне,у Беларусі – палітычны хаос. А яшчэ й хаос эканамічны. Калі ж мы возьмем пад увагу і першае, і другое, мы зразумеем, што ёсьць толькі адна мафіёзная групоўка ў нашай краіне (а яна ў нас увогуле толькі адна), якой выгодны дадзены тэракт.

Чатыры месяцы прайшло пасьля прэзыдэнцкіх “выбараў”, а мы дагэтуль назіраем за палітычнымі расправамі над іншадумствам. І расправы гэтыя аніяк не ўмацоўваюць міф пра “стабільнасьць”, але яго толькі абвяргаюць. А тут яшчэ, нягледзячы на тое, што “ворагі народа” расьпіханыя па турмам, абваліўся рубель, зьнік цукар, падскочылі кошты на паліва й, адпаведна, на ўсё астатняе. Як быць у гэткай сытуацыі? Як зьяднаць электарат, які пачынае раптаць усё болей і болей? У злачыннага рэжыму ёсьць толькі злачынны адказ на гэтыя пытаньні.

Мажліва, Гарант канчаткова сышоўшай у нябыт “стабільнасьці” і не сам плянаваў выбухі 2008 і 2010 гадоў. Але хто адказны за саму сытуацыю ў краіне, калі мноства розных спэцслужбаў займаюцца толькі тым, што сочаць за палітычнымі апанэнтамі й іх пераследуюць, тэрарызуюць ня толькі апазыцыянэраў, але й іх сем’і? Знайсьці грошы, час і сілы на тое, каб запоўніць дзецьмі спэцпрыёмнік, Валадарку й Амерыканку беларускае гэбьё й іншая навалач можа, а адсочваць тэрарыстаў і выбуховыя рэчы — не? Канешне! Куды ім да траціла?! – Яны ганяюцца за плакатамі, улёткамі, і Бел-чырвона-белымі сцягамі! Тысячы! Тысячы супрацоўнікаў розных спэцслужбаў займаюцца толькі тым, каб, не дай Божа, хто не вывесіў нацыянальны сьцяг на праспэкце альбо не ўмудрыўся правесьці несанкцыянаваны пікет. А тэракты? Тэракты ім ня трэба. Тым больш, што ўсёроўна ёсьць толькі адна мафіёзная групоўка ў Беларусі (а яна ў нас увогуле толькі адна), якая можа зьдзейсніць тэракт такога маштабу. І калі яна пажадае гэта зрабіць, яе спыніць у нашай краіне няма каму.

Я перакананы, што ўчыніць такое злачынства ў Беларусі мог толькі той, хто даваў загады зьбіваць і вывозіць у лес дэпутатаў парламэнту. Толькі той, хто санкцыянаваў забойства Ганчара, Захаранкі й іншых. Толькі той, у каго ўжо і так рукі па локаць у крыві.

Цяпер абавязкова пачнецца паляваньне на вядзьмарак. Але большасьць гэтым ужо ня возьмеш. Людзі ведаюць: у нашай краіне толькі адна тэрарыстая групоўка і ў яе толькі адзін кіраўнік. І колькі б ён не выварочваўся са сваёю бандаю, але рана ці позна яны адкажуць за свае зладзействы.

Зьміцер Дашкевіч, красавік 2011,
Менск, турма на вул. Валадарскага

Падзяліцца:

Каментары