Зьміцер Дашкевіч адбудзе за кратамі яшчэ сама меней год

Зьміцер Дашкевіч адбудзе за кратамі яшчэ сама меней год

У Глыбоцкай калёніі адбыўся выязны суд над лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам, якога гэтым разам абвінавацілі ў непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі.

Год зьняволеньня. Такім было рашэньне выязнога суду, на якім 28 жніўня ў Глыбоцкай калёніі зноў судзілі лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. Паводле Насты Палажанкі, нявесты і паплечніцы Дашкевіча, у гэты тэрмін залічаныя тыя 4 месяцы, якія яшчэ мусіў адбыць Зьміцер паводле ранейшага прысуду. Раней актывіст быў пакараны на 2 гады зьняволеньня, і той тэрмін сканчаўся 18 сьнежня гэтага году. Такім чынам, калі ня будзе новых прысудаў, Зьміцер Дашкевіч выйдзе на волю 28 жніўня 2013 году, разьлічвае Наста Палажанка.

Вось што нявеста і паплечніца Дашкевіча сказала пра сам прысуд:

«Тут у калёніі нават супрацоўнікі, зь якімі мы кантактавалі, зьдзіўляюцца такому жорсткаму прысуду. Як правіла, даюць 3 месяцы на дадатак. Было безьліч варыянтаў. Яны маглі даць тое, што зусім не ўплывае на ягоны былы тэрмін, прыкладам, залічыўшы тыя 6 месяцаў ПКТ, якія Зьміцер ужо адбыў. Круціцца можна было па-рознаму, але яны абралі самы горшы варыянт».

Паводле Насты Палажанкі, пасьля атрыманьня зьвестак пра рашэньне суду адвакат спрабаваў высьветліць падрабязнасьці працэсу і тое, ці будзе Зьміцер Дашкевіч абскарджваць прысуд. Пакуль зьвестак ад адваката не было. Вядома, што раней апазыцыянэр не прызнаваў абвінавачаньня ў непадпарадкаваньні, ня ўдзельнічаў у сьледчых дзеяньнях і нават адмовіўся ад паслугаў адваката. Наста Палажанка мяркуе, што прысуд яе жаніха не зламае:

«Зьміцер усёй сваёй дзейнасьцю ў „Маладым фронце“ засьведчыў, што ніякія рэпрэсіі яго ніколі не засмучалі. Ён цудоўна разумее, што дзеля ідэалаў свабоды, справядлівасьці і дэмакратыі ў гэтай краіне трэба ахвяроўваць. Ён перакананы, што не зьдзяйсьняў нейкіх злачынстваў, ён перакананы, што ўсё робіць згодна з Божай маральлю і сваім сумленьнем. Таму тыя спадары, якія прыдумляюць яму гэтыя бясконцыя тэрміны, мусяць расчаравацца, бо ў іх нічога не атрымаецца. Такія людзі, як Зьміцер, заўсёды застануцца моцнымі».

Ужо вядома, што ўначы Зьмітра Дашкевіча чакае этап у Віцебск. Пэўны час палітвязень адбудзе ў Віцебскім СІЗА, адкуль яго накіруюць у калёнію для адбыцьця тэрміну. Якая гэта будзе калёнія, невядома.

На два гады Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны за інцыдэнт, які адбыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Паводле суду, ён разам з паплечнікам з «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым нібыта зьбіў мінакоў на вуліцы Янкі Брыля ў Менску. Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў на працэсе заявілі пра правакацыю спэцслужбаў, накіраваную на тое, каб ізаляваць іх напярэдадні выбараў і наступных акцыяў пратэсту.

Спачатку Зьміцер Дашкевіч адбываў пакараньне ў калёніі ў Горках. Адтуль яго як злоснага парушальніка рэжыму перавялі ў Глыбоцкую калёнію. Там вязьня трымалі ў асноўным у ПКТ і некалькі разоў у карцэры. Апошні раз з карцэру Дашкевіча вызвалілі за 4 дні да сёньняшняга суду.

http://www.svaboda.org/content/article/24690595.html

Падзяліцца:

Каментары