Зміцер Дашкевіч прывязе “Чарвяка” ў Гродна

Зміцер Дашкевіч прывязе “Чарвяка” ў Гродна

Прэзентацыя адбудзецца ў суботу 18 кастрычніка па адрасе Будзёнага 48Б (невялічкі дамок побач са стаянкай каля Будзёнага 48А), пачатак у 19.00.

“Чарвяк” – зборнік турэмных аповедаў, напісаных Дашкевічам падчас адсідак з 2006 па 2013 гады. Аўтар “ад званка да званка” прайшоў шлях зэка — ад шчарбатых сценаў КПЗ (камэры папярэдняга зняволення) да аледзянелага зімовага карцару ў турме крытага тыпу. Дашкевіч апісвае рэаліі беларускай пенітэцыярнай сістэмы, а разам з тым і людзей, якія трапіліся яму на шляху.
“Тое, што напісаў Зміцер Дашкевіч у турме, – кажа пра кнігу Уладзімір Някляеў, – уражвае як жорсткай праўдай жыцця, гэтак і натуральнасцю, з якой аўтар у нечалавечых умовах у кожны момант застаецца чалавекам. У гэтай стрыманай прозе няма ніякай позы, ніякай спробы самагераізацыі – ёсць толькі праз асабісты досвед, праз пакуты займетае сцверджанне: калі жыве ў табе Дух, калі не пахіснулася вера, ты здольны ператрываць немагчымае і адолець неадольнае…”
Большасць тэкстаў была напісана ў горацкай і глыбоцкай калоніях цягам 2011 – 2013 гадоў, аповед “Чарвяк” быў скончаны ў гарадзенскай турме. Дашкевіч – адзін з лідараў “Маладога Фронту”, з-за сваёй дзейнасці неаднаразова быў пераследаваны і трапляў за краты. Апошні раз быў зняволены за некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў 2010 году, вызвалены ў жніўні 2013 году. Зараз працуе цесляром у Мінску, гадуе дачку.

www.t-styl.info © Твой стыль

Падзяліцца:

Каментары