Зміцер Дашкевіч расказаў падрабязнасці пра гады турмы

Зміцер Дашкевіч расказаў падрабязнасці пра гады турмы

Лідар “Маладога фронту” даў першую прэс-канферэнцыю пасля вызвалення з гродзенскай турмы.

Дашкевіч ладзіць прэс-канферэнцыю. На ёй расказвае пра гады, праведзеныя ў турме, сустрэчы з іншымі палітвязнямі (хоць пра гэта вельмі няшмат), першы дзень на свабодзе і планы на будучыню. Пачынае з апісання камеры гродзенскай турмы, дзе завяршаўся яго тэрмін.

“Звычайныя ўмовы, як у адзіночнай камеры… Там як бы “двайнік”, але я адзін быў у ёй. Колькі там метраў… Можа шэсць якіх… Не самы горшы варыянт”.

Дашкевіч расказвае, што за кратамі яму больш за ўсё нязручнасцяў прыносіла дрэнная ежа. Гаворыць, што асноўнай крыніцай вітамінаў для яго была капуста. У Гродне пэўны час можна было набываць цыбулю, пакуль Дэпартамент выканання пакаранняў не забараніў яе там прадаваць. Пра сустрэчы з іншымі палітвязнямі не расказвае. Маўляў, не так шмат іх было, а каб былі — то не расказаў бы. Падрабязней спыняецца толькі на Саннікаве. На думку Змітра, яму дасталася значна больш за ўсіх іншых палітзняволеных. Але зноў жа без падрабязнасцяў.

Самому Дашкевічу неаднойчы даводзілася чуць намёкі на напісанне прашэнняЛукашэнку. Але сур’ёзнай можна назваць толькі адну прапанову — ад начальніка калоніі ў Горках.

“Больш-менш афіцыйна мяне прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні адзін раз. У Горках гэта было. Вывелі мяне чарговы раз з ізалятара і да начальніка — Кавалёва. Ён мне кажа, маўляў, ёсць інфармацыя, што пойдзеш. Пішы. Я кажу — не буду. Ну, ясна — на 15 сутак назад у ізалятар”.

Расказвае Дашкевіч і пра свае адносіны з адміністрацыямі калоній і турмаў. Гаворыць, што ўпершыню выразна адчуў падзел Беларусі на Заходнюю і Усходнюю — у Гродне праблем меў значна менш і стаўленне да вязняў там больш адэкватнае. У іншых турмах было па-рознаму.

“У Глыбокім штурхалі мяне разок у ізалятары, нагамі на калідоры. Але на “вы” звярталіся — Дзмітрый Вячаслававіч. Потым у камеру прыходзілі і гаварылі: “Ну, ты ж не будзеш карміць маіх дзяцей?” Я ім адказваю, хай не гавораць потым, што беларуская апазіцыя нічога не зрабіла для вашых дзяцей. Усё так было, культурна”.

Першы дзень на свабодзе (Дашкевіча з гродзенскай турмы выпусцілі раніцай 28 жніўня) Дашкевіч правёў разам з жонкай Настай і сябрамі. У першую чаргу з’ездзіў да бацькі.

“З’ездзіў да таты. З Анастасіяй, з сябрамі сваімі. Да мамы схадзілі… (на могілкі. — заўв. Еўрарадыё). У Мінск вярнуліся, паспрабаваў зарэгістравацца. Слізкая гэтая справа — прэвентыўны нагляд. Думаў, сёння ўначы міліцыя будзе ламацца. Але не прыходзілі”.

На пытанні аб планах на будучыню і палітычных раскладах у Беларусі ўзору 2013 года Дашкевіч адказвае менш ахвотна. Гаворыць, што збіраецца пагаварыць з паплечнікамі па “Маладым фронце” аб далейшай дзейнасці арганізацыі. На думкуДашкевіча, трымацца за лідарства у МФ няма патрэбы — ёсць і іншыя накірункі дзейнасці. Пра адзінага кандыдата ад апазіцыі на будучых выбарах лідар “Маладога фронту” выказваецца скептычна.

“Самы круты адзіны кандыдат у нас быў у 2001 годзе. Прафсаюзы, два мільёны чалавек, самы круты па ўсіх паліттэхналагічных раскладках, напэўна. А потым на плошчы стаяў разам з Палевіковай і гаварыў: “Разыходзьцеся, мы перамаглі”. А мы слухалі і плакалі”.

Сыходзячы з прэс-канферэнцыі, думаецца, што гады зняволення Дашкевічаамаль не змянілі. І нешта падказвае, што ў спакоі яго пакінуць ненадоўга.

http://euroradio.fm

Падзяліцца:

Каментары