Зміцер Дашкевіч: Вылучэнне Статкевіча – ясная і зразумелая стратэгія

Зміцер Дашкевіч: Вылучэнне Статкевіча – ясная і зразумелая стратэгія

У выпадку нерэгістрацыі палітвязня трэба аб’яўляць байкот, заявіў сустаршыня «Маладога фронту» і былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, каментуючы ініцыятыву вылучэння Мікалая Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2015 года. Палітык назваў гэты крок найбольш зразумелым і лагічным для дэмакратычных сілаў Беларусі.

– Для мяне абсалютна відавочна, што патрабаванне вызвалення палітвязняў павінна стаяць першым пунктам для апазіцыі, – сказаў Зміцер Дашкевіч. – Без яго выканання яна не мае маральнага права браць удзел у любой кампаніі, тым больш у прэзідэнцкіх выбарах. Вылучэнне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам – самая прымальная, зразумелая, ясная і лагічная стратэгія з тых, якія могуць быць. Калі хто-небудзь заяўляе аб тым, што яна нерэальная (пра гэта ўжо напісалі некаторыя палітолагі), то магу адказаць, што яна не менш рэальная, чым вылучэнне любога беларускага палітыка ў якасці кандыдата ў прэзідэнты краіны. Больш за тое, гэтая стратэгія найбольш зразумелая грамадству: нельга праводзіць прэзідэнцкія выбары ў той час, як адзін з удзельнікаў папярэдняй кампаніі, якая прайшла пяць гадоў таму, дагэтуль знаходзіцца за кратамі.

Я ўпэўнены, што калі дэмакраты паміж сабой дамовяцца хаця б у гэтым пытанні і вылучаць Мікалая Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата, то ён выйдзе на волю ўжо бліжэйшым часам. Зарэгіструюць яго ў якасці кандыдата ці не – гэта ўжо больш складанае пытанне, так як Аляксандр Лукашэнка разумее, што гэта моцны з маральнага пункту гледжання праціўнік. Але ўлады вымушаныя будуць вызваліць Мікалая Статкевіча і іншых палітвязняў.

Калі ж Статкевіча не зарэгіструюць, то ўдзельнічаць у гэтых выбарах нельга. У сітуацыі наяўнасці ў Беларусі палітвязняў адзінай формай удзелу ў выбарчай кампаніі можа быць толькі байкот – абсалютна ясны з пункту гледжання маралі адказ рэжыму. У іншым выпадку апазіцыя канчаткова страціць свой аўтарытэт у беларускім грамадстве, мяркуе лідар «Маладога Фронту».

Падзяліцца:

Каментары

  1. Павел (Feb 16, 2015:10:23)Адказаць

    Шаноўны Зміцер.Статкевіча могуць зарегістраваць і ён можа нават перамагчы іншых кандыдтаў. Але яму напішуць паразу. Што далей? Ты думаў аб гэтым? Новая Плошча? І новыя сотня уцекачоў з Беларусі. Так аб гэтым толькі і марыць і Кремль і нашы улады. Трэба набіраць ” войска” для безтэрміновага усеагульнага страйка. А гэта значыць, меняць свядомасць людзей – з прарускай на праеўрапейскую. А гэта немагчыма зрабіць да тых пор пакуль народ будзе звацца белымі рускімі. Падумай аб гэтым.