Змітру Дашкевічу дазволілі спатканне з бацькам

Змітру Дашкевічу дазволілі спатканне з бацькам

Нявеста Дашкевіча Наста Палажанка расказала для Нашай Нівы пра вынікі сваёй сустрэчы з адміністрацыяй глыбоцкай калоніі і візіт адваката.

«НН»: Зміцер даслаў ліст да хроснай маці, у якім напісаў, што «не ведае, як гэта можна пераадольваць болей». Перавод у Глыбокае не прынёс палёгкі?

НП: Перавод прынёс палёгку. І мы спадзяемся, што ў гэтым выпадку сітуацыя стабілізуецца і нармалізуецца. Я размаўляла з адвакатам, была на сустрэчы з адміністрацыяй калоніі.

Там людзі даволі прыстойныя і кіруюцца найперш законам, што для мяне вельмі важна.

 Спадзяюся, што сітуацыя са Змітром палепшыцца. І ў гэты момант у яго няма ніякіх скаргаў на ўмовы ўтрымання ці наконт адносінаў да яго.

Безумоўна, увесь жах, апісаны ў лісце, меў месца. І мы будзем і надалей пісаць скаргі ў пракуратуру аб прыцягненні да адказнасці людзей, якія называюць сябе адміністрацыяй горацкай калоніі. Гэта людзі, якія маюць сапраўды бандыцкія паводзіны і займаюцца абсалютна непрыстойнымі рэчамі.

«НН»: Адвакат учора бачыў Змітра. Што ён расказаў?

НП: Паводле адваката, Зміцер выглядае абсалютна спакойным, пачуваецца нашмат лепш.

Нават жартуе, што Глыбокае — гэта цэнтр Еўропы, і людзі там паводзяць сябе больш карэктна.

«НН»: Ці дазволілі яму трымаць пры сабе Біблію?

НП: Дазволілі. Там няма такой праблемы, як у горацкай калоніі. Я атрымліваю ад яго лісты, якія ён адпраўляе штодня. Пошта прыходзіць хутка. Змітру дазволілі мець цёплыя рэчы, атрымліваць перадачы. І мне здаецца, гэтая адміністрацыя вельмі здзіўлена тымі паводзінамі, што былі ў Горках. Хаця я не магу гэтую адміністрацыю ахактарызаваць ні чым добрым, ні чым кепскім. Для нас радасць, калі людзі кіруюцца законам.

«НН»: У Горках Змітра пазбавілі спатканняў з роднымі. У Глыбокім такую магчымасць аднавілі?

НП: Так. Цягам месяца ў яго будзе магчымасць пабачыцца з бацькам. Пакуль вырашаем тэхнічныя моманты.

«НН»: Зміцер напісаў у лісце, што яму патрабуецца аперацыя на калене. Што гэта за траўма?

НП: Гэтая траўма была ў яго даўно. Але калі ты жывеш у нармальных умовах, гэта праблема не мае тэндэнцыі абвастрэння. А калі ты праводзіш месяцы на дошках, без нармальнага харчавання, старыя праблемы праяўляюцца. На дадзены момант ён не збіраецца накіроўваць ніякія заявы на шпіталізацыю. Стан здароўя яго крыху палепшыў. Ён адзначае, што ў Глыбокім нават ежа лепшая.

Падтрымаць Змітра можна лістом ці тэлеграмай.

211791, Віцебская вобл., г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205, папраўчая калонія № 13. Дашкевічу Дзмітрыю Вячаслававічу.

Наша Ніва

Падзяліцца:

Каментары

  1. Natali Anders(dachka "xrosnai maci") (Oct 05, 2011:21:56)Адказаць

    Darajesnkiya syabri!Ysim vyaliki dzyakyi za padtrimky Zmitra Daskevicha!Yak stala vyadoma z pressi,i intervyu yago nyavesti,zaraz z im yse y poynim paradky!Dai Bog!)

    • -M-F- (Oct 05, 2011:22:48)Адказаць

      І вам дзякуй, Наталі! Молімся й змагаемся за хутчэйшае вызваленьне ўсіх палітвязьняў!