Зьмітру Шурхаю прысудзілі 10 сутак арышту

Зьмітру Шурхаю прысудзілі 10 сутак арышту

Суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласьці пакараў берасьцейскага каардынатара БХД дзесяцьцю суткамі арышту за пікет ля калёніі, у каторай знаходзіцца лідэр МФ Зьміцер Дашкевіч.

Прысуд вынесла 25 жніўня судзьдзя Чаплыгіна І.В., але Зьміцер Шурхай атырмаў пастанову па пошце з уведамленьнем толькі цяпер. Актывіста прызналі вінаватым па частцы 3 артыкулу 23.34 КоАП (кодэксу адміністрацыйных парушэньняў) — “удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.

“Прысуд для мяне быў чаканы, бо судзьдзя на першым паседжанні яшчэ мне ‘паабяцала’ 10 сутак, — камэнтуе Зьміцер Шурхай. — але, калі шчыра, вера ў невялікі цуд, калі дабро ўсё ж такі перамагае, была. Аднак як ёсьць так ёсьць”

“Сядзець не паеду. Не ведаю, куды,” — разгублена кажа актывіст. Судзьдзя дала паручэньне выканаць прысуд Іванаўскаму Аддзелу Унутраных Справаў (Берасьцейская вобласьць), па месцы прапіскі Зьмітра Шурхая. — “Цікава будзе, як гэта будзе выглядаць. Бліжэйшым часам на малую Радзіму ехаць не пляную”

Горацкі суд настолькі суровы, што канфіскаваную расьцяжку “Спыніце перасьлед” судзьдзя пастанавіла як рэчыўны доказ зьнішчыць пасля ўступленьня пастановы ў законную сілу.

“За свой учынак не шкадую і зараз, бо гэтым пікетам я ратаваў жыццё свайму сябру, у дачыненні да якога адбываюцца катаванні ў турме,” — камэнтуе Зьміцер Шурхай.

У пастанове суду пазначана, што ў тэрмін адбыцьця пакараньня залічваюцца суткі адміністрацыйнага затрыманьня з 15:30 2 жніўня па 3 жніўня 18:00. Зьмітру Шурхаю, такім чынам засталося адсядзець яшчэ 9 сутак.

 

Нагадаем, нядаўна маладафронтавец Іван Шыла атрымаў 20 сутак арышту за той жа пікет у Горках. 2 жніўня каля 30 чалавек ладзілі пікет салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам, было затрымана 14 чалавек. На думку актывістаў, у дачыненьні да старшыні МФ ужываюцца катаваньні з боку супрацоўнікаў калёніі.

Прэс-служба МФ

Падзяліцца:

Каментары