Значыкі ў дзень народзінаў сьцягу і гербу (фота)

Значыкі ў дзень народзінаў сьцягу і гербу (фота)

У Менску маладафронтаўцы павіншавалі менчукоў значыкамі з дваццатай гадавінай прыняцьця нацыянальных сымбаляў.

Актывісты раздавалі ў Менску мінакам значыкі з выявамі нацыянальных сымбаляў. За ўвесь дзень было раздадзена некалькі соцень значыкаў.

На думку маладафронтаўцаў, страта нацыянальнае самасьвядомасьці, роўна як і апатыя ў грамадзтве зьвязаныя найперш з тым, што з кожным годам усё менш і менш людзей ведаюць аб сапраўдных сымбалях нашае Бацькаўшчыны.

За час панаваньня Лукашэнкі вырасла цэлае пакаленьне моладзі, якое скончыла школу, атрымала вышэйшую адукацыю і нічога ня ведае пра Бел-чырвона-белы сьцяг, герб “Пагоня”.

“Таму папулярызацыя нацыянальных сымбаляў з кожным годам набываць ўсё большую актуальнасьць і неабходнасьць. Чым больш беларусаў будуць ведаць аб сапраўдных сымбалях нашае Радзімы, тым хутчэй наш народ абудзіцца ад летаргічнага сну да росквіту і адраджэньня,” — лічыць маладафронтаўка Кася Далідовіч.

Гэтым жа днём, ня гледзячы на затрыманьне Яроменка й Палажанкі, беларускі сьцяг у Менску зьявіўся. Грамадзкія актывісты вывесілі яго на адным з мастоў гораду.

Дату 19 верасьня ў гісторыі незалежнай Беларусі можна лічыць сапраўдным днём народзінаў беларускага нацыянальна сьцягу й гербу.

 

 

Падзяліцца:

Каментары