Зьнік Уладзімер Яроменак!

Зьнік Уладзімер Яроменак!

Юнак мусіў вызваліцца сёньня а 16:00 зь ізалятару па завулку Акрэсьціна ў Менску.

Паплечнікі чакалі яго з 15:00,  аднак да 17:00 маладафронтавец не зьявіўся. З 16-ай гадзіны ўсе дзяжурныя паведамлялі, што Яроменак “освободился по времени”. Аднак на пытаньне, ці бачылі вы як ён выходзіў, міліцыянт сарамліва маўчаў.

У РУУС Фрунзенскага раёна інфармацыяй пра месцазнаходжаньне Яроменка не валодаюць.

За час чаканьня з двара цэнтра ізаляцыі выяжджала толькі адна машына — легкавая, у ёй Валодзі не было.

Нагадаем, 17 траўня Уладзімеру Яроменку прысудзілі 7 сутак арышту. 22 траўня ў ізалятары Уладзімера наведваў чэкіст і пагражаў: “вы яшчэ доўга ня выйдзеце з сутак!”.

«Хутчэй за ўсё, Яроменка зноў затрымалі, як затрымлівалі адразу пасьля вызваленьня Міхася Мускага і Паўла Вінаградава. — паведаміла для Радыё Свабода маладафронтаўка Кася Галіцкая. — І зноў склалі фіктыўны пратакол пра нейкае парушэньне. Мяркую, гэта зьвязана з тым, што ўсяго ў яго будзе ўжо трэцяе адміністрацыйнае пакараньне пасьля ўсталяваньня адміністрацыйнага нагляду. Гэта значыць, што адносна Ўладзя будзе ўсталяваны новы, больш жорсткі рэжым прэвэнтыўнага нагляду, прычым на большы тэрмін.»

Увесну 2011 году Ўладзь Яроменак быў асуджаны за Плошчу на 3 гады зьняволеньня, у канцы лета актывіста памілавалі. Сёлета ў сакавіку за маладафронтаўцам Уладзем Яроменкам паводле рашэньня Першамайскага суду быў усталяваны прэвэнтыўны нагляд тэрмінам на год.

“Яроменак пасля памілавання, як і астатнія палітвязні, быў пастаўлены на прафілактычны ўлік. За усталяваны прэвентыўны нагляд, бо ён ажыццяўляў актыўную грамадскую дзейнасць і прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці, — нагадвае праваабаронца Наста Лойка. – Ён двойчы быў прыцягнуты да арыштаў. Самі па сабе арышты не з’яўляюцца парушэннем умоваў прэвентыўнага нагляду, але, калі назбіраецца тры прыцягнення да адказнасці, то гэта дазваляе паўтарыць працэдуру ўсталявання прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да актывіста і падоўжыць ужо прызначаны тэрмін”.

Калі апасенні праваабаронцаў спраўдзяцца, то будзе падоўжаны тэрмін прэвентыўнага нагляду і пашыраны пералік забаронаў.

“Паколькі Уладзіміра сёння не выпусцілі, то, хутчэй за ўсё, на яго будзе складзены пратакол за нейкае паўторнае правапарушэнне. І калі ў выніку яго прыцягнуць да адказнасці, то працэдура прэвентыўнага нагляду можа паўтарыцца”, — кажа Наста Лойка.

Падзяліцца:

Каментары