“Зьняволеньне адбываецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам”

“Зьняволеньне адбываецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам”

Карэспандэнцыю Дашкевіч атрымлівае, зь ім абыходзяцца ветліва, аб адвакаце зьняволены не прасіў — запэўнівае начальнік ДВП Барсукоў.

Начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Барсукоў адказаў наконт умоваў адбыцьця пакараньня Зьмітра Дашкевіча.

“Пакараньне ў дачыненьні асуджанага Дашкевіча Д.В. выконваецца ў дакладнай адпаведнасьці з патрабаваньнямі крымінальна-выканаўчага заканадаўства. Ваша здагадка аб яго зьбіцьці надумана й не адпавядае рэчаіснасьці,” — піша начальнік ДВП А.П.Барсукоў.

Дашкевіч распавядаў, што восем разоў трапляў у карцэр, дзе яму забаранялі нават чытаць Біблію. Аляксандр Барсукоў у адказе чамусьці праігнараваў гэтыя факты, не палічыў патрэбным узгадваць пра карцэр, аднак і не называў Дашкевіча парушальнікам.

Часткаю 2 артыкула 10 Крымінальна-выканаўчага кодэксу РБ замацавана права асуджаных “на ветлівае абыходжаньне з боку супрацоўнікаў органа альбо ўстановы, што выконвае пакараньне ды іншыя меры крымінальнай адказнасьці” і яно рэалізуецца. За выкананьнем заканадаўства ажыцьцяўляецца пракурорскі нагляд.

Наколькі ветлівым было выцягваньне чалавека ўночы на калідор, пазбаўляючы магчымасьці спаць, і загад ісьці на працу зраніцы — у адказе ня ўзгадваецца.

Аляксандр Барсукоў прызнае, што для атрыманьня юрыдычнай дапамогі зьняволеныя маюць права карыстацца паслугамі адвакатаў. Аднак пяціразовы нядопуск адвакатаў да палітвязьня начальнік ДВП камэнтуе проста: Дашкевіч не зьвяртаўся з заяваю аб неабходнасьці юрыдычнай дапамогі.

У адказе паведамляецца, што пашпарт Дашкевіча ў калёнію не трапляў. Як абяцаў Барсукоў, адміністрацыя ўстановы накіравала запыты ў адпаведныя інстанцыі з просьбаю выслаць дакумэнт для далучэньня яго да асабістай справы Дашкевіча.

Паводле Барсукова, лісты і тэлеграмы Дашкевічу ніхто не абмяжоўвае. Зьміцер можа іх атрымліваць у неабмежаванай колькасьці. Так што пішыце:

Дашкевіч Зьміцер Вячаслававіч
213410, Магілёўская вобл., г.Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Папраўчая калёнія № 9

 

Нагадаем, 9 жніўня Ганна Шапуцька, Тацьцяна Кім і Натальля Ясевіч (хросная Зьмітра Дашкевіча) наведалі кіраўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Барсукова. Жанчыны прасілі прыняць адпаведныя захады, каб спыніць ціск на палітвязьня Зьміцера Дашкевіча.


Адказ з ДВП за подпісам Барсукова:

Падзяліцца:

Каментары